СВІ́РНАВАЯ МОЛЬ, зерневая моль(Nemapogon granellus), матылёк сям. сапраўдных молей. Шкоднік зерня, сухафруктаў, кандытарскіх вырабаў і інш. Пашырана паўсюдна; у прыродзе сустракаецца ў гнілой драўніне і дрэвавых грыбах.
Крылы размаху 9—14 мм, пярэднія — серабрыста-шэрыя з цёмнымі плямамі, заднія — вузкія, шэрыя ці бураватыя. Матылькі 1-га пакалення паяўляюцца вясной, адкладваюць яйцы на зерне. Вусень даўж. да 10 мм, жаўтавата-белы, з карычневай ці бурай галавой. Кормяцца зернем, склейваюць яго павуцінай, утвараюць камякі. Зімуюць вусені ў коканах (у шчылінах падлогі і сцен).